ГРО́ДЗЕНСКІ КНЯ́ЖАЦКІ ЦЕ́РАМ,

княжацкі палац, помнік архітэктуры 12 ст. Размяшчаўся на тэр. Гродзенскага Старога замка, на паўд. рагу дзядзінца. Рэшткі церама выяўлены ў 1932—33 Ю.Ядкоўскім. Збераглася паўн. частка даўж. 9,72 м і выш. да 2 м. Гэта быў 2-павярховы на каменным падмурку будынак з драўлянымі бэлечнымі перакрыццямі. Змураваны з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. На кароткіх тарцах цаглін рэльефныя мулярскія знакі. Звонку дэкар. муроўка была аздоблена радамі амаль неапрацаваных камянёў. Падмурак — рад камянёў (таўшчыня 35—40 см), пад якімі праслойка бітай цэглы. Будынак быў накрыты свінцовымі лістамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. да ўвахода прыбудаваны новы ганак з буйнапамернай цэглы, будынак прыстасаваны да абароны. Разбураны ў 16 ст. ў час перабудовы Старога замка Стафанам Баторыем.

А.А.Трусаў.

т. 5, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)